ГОРНАХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна горназдабыўной прамысловасці, якая займаецца здабычай, першаснай перапрацоўкай і абагачэннем сыравіны (фасфатных, серных, борных, мыш’яковых, барыевых і барытавых руд, прыродных сульфату натрыю, калійных солей, соды і кухоннай солі), а таксама атрыманнем брому, ёду і інш. рэчываў. Засн. на комплексным выкарыстанні сыравіны з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя адходамі і недапушчэння агульнага адмоўнага ўплыву сваіх працэсаў. Прадпрыемствы горнахімічнай прамысловасці пераважна з’яўляюцца часткай адпаведных спецыялізаваных аб’яднанняў, што ўключаюць аб’екты здабычы, перапрацоўкі зыходнай сыравіны, атрымання спадарожных рэчываў і разнастайных матэрыялаў. У месцах развіцця горнахімічнай прамысловасці паявіліся цэлыя прамысл. комплексы, з гарадамі, якія іх абслугоўваюць.
Узнікненне горнахімічнай прамысловасці як самаст. галіны вытв-сці звязана з неабходнасцю забеспячэння сельскай гаспадаркі мінер. ўгнаеннямі. У 1913 прамыслова развітыя краіны здабывалі каля 10 млн. т горнахім. сыравіны, з якой на самародную серу, флюарыты, бараты, бром, ёд і хромавую руду прыпадала каля 1,15 млн. т, астатняе — фасфатная сыравіна і калійныя солі. У 1980 у краінах з рыначнай эканомікай здабывалася 165 млн. т горнахім. сыравіны. Буйнейшыя здабытчыкі і краіны-экспарцёры — ЗША і Марока, буйнейшыя імпарцёры — дзяржавы Зах. Еўропы, Японія і Канада. У б. СССР здабыча фасфарытных (Ягор’еўскае і Вяцка-Камскае радовішчы) і апатыта-нефелінавых (на Кольскім п-ве) руд і іх перапрацоўка пачалася ў 1928—30-я г.; у 1980 здабыта 155 млн. т горнахім. сыравіны.
У Беларусі развіццё горнахімічнай прамысловасці пачалося з адкрыцця ў 1949 Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей (буйнейшае ў свеце). На базе іх здабычы і перапрацоўкі ўзнік г. Салігорск з ВА «Беларуськалій».
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)